Гістарычная памяць – мой шлях у будучыню

ДЗЯРЖАЎНАЯ ЎСТАНОВА АДУКАЦЫІ

«ЛЮБЧАНСКАЯ СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА»

 

         Конкурс творчых работ «Я – заканадаўца»

 

            Намінацыя  “Гістарычная памяць – мой шлях у будучыню”

 

                                          Аўтар:

                                                                   вучаніца 10 класа

                                          Каржанеўская Алеся

 

                                          Кансультант:

                                                                   педагог Борыс Таццяна 

                            Аляксандраўна

 

 

 

 

 

 

Любча, 2023

 

 

Эссэ “Гістарычная памяць – мой шлях у будучыню”

 

Мяне завуць Каржанеўская Алеся. Я – вучаніца 10 класа Любчанскай сярэдняй школы. Вельмі ганаруся, што нарадзілася і жыву ў адной з самых маляўнічых мясцін Беларусі – пасёлку Любча Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.

Для аматараў гісторыі Любча ўвогуле бяздонная скарбонка розных цікавых фактаў, гіпотэз, здагадак, недаследаваных матэрыялаў, легенд і паданняў. І не дзіва: гэта адно з самых старажытных паселішчаў Беларусі. Упершыню згадваецца ў старажытным рукапісе са Шчорсаўскай  бібліятэкі графаў Храптовічаў пад датай 6749  (1241 ) г. І ваенная гісторыя, і гісторыя часоў ВКЛ і Рэчы-Паспалітай  надзвычай багатыя і натоляць спазнавальную смагу самых цікаўных наведвальнікаў. Перлінай жа Любчы па праве з'яўляецца наш замак з яго доўгай і цікавай гісторыяй і не менш цікавай і насычанай сучаснасцю.

Адным словам, Любча шматгранна і разнастайна, тут кожнаму знойдзецца занятак, на любы густ і кашалек. Кожны дзень тут чакаюць цікавыя і нечаканыя адкрыцці, нават калі жывеш ужо ў Любчы не першы дзесятак гадоў.

Вось тут я і нарадзілася. Мінімум пяць пакаленняў маіх продкаў нараджаліся, жылі і сыходзілі ў лепшы свет ў гэтым слаўным мястэчку.

Я заўсёды цікавілася гісторыяй сваёй малой радзімы. У роднай школе з малодшых класаў з’яўляюся членам патрыятычнага клуба “Спадчына”, праводжу экскурсіі па залах Народнага гісторыка-краязнаўчага музея Любчанскага краю.

 Нядаўна я знайшла аркуш паперы з намаляваным на ім генеалагічным дрэвам майго роду, якое пачынаецца з другой паловы XIX ст. і зразумела, што веданне гісторыі свайго рода - гэта адна са складаючых частак гістарычнай памяці народа.

Кім жа былі мае далёкія дзяды і прадзеды? У якія часы жылі? Які след пакінулі пасля сябе? Я лічу, што веданне гісторыі свайго роду – важны інструмент выхавання чалавека, асобы, грамадзяніна. Вызначыць, куды ты рухаешся па жыцці, у які бок ідзеш, да якой мэты імкнешся можна толькі тады, калі ты ведаеш, АДКУЛЬ ты ідзеш, якая твая кропка адліку, які ў цябе ўжо багаж памяці, генаў, прыроджаных схільнасцяў. Веданне свайго роду – неад’емны складнік самаідэнтыфікацыі і павагі да людзей, якія цябе акаляюць. Толькі калі чалавек дакладна ўсведамляе, што да яго на зямлі жылі такія ж рэальныя людзі, і яны сфармавалі і збераглі існуючую рэчаіснасць, ён больш ашчадна ставіцца да свайго асяродку дзеля лепшай будучыні ўжо сваіх дзяцей і ўнукаў. Чалавек, які ведае свой род, проста не можа быць несумленным, абыякавым ці карыстацца прынцыпам “а пасля мяне хоць трава не расці!”, што і трэба для нармальнага функцыянавання здаровага грамадства.

 Каб падмацаваць вусныя крыніцы ведаў аб гісторыі майго роду, я вырашыла адшукаць  крыніцы з архіўнага фонду Любчанскага пасялковага выканкама, а таксама выкарыстаць уцалелыя ўласныя дакументы прадстаўнікоў маёй сям’і. І вынік не прымусіў сябе доўга чакаць. Я вельмі радая, што, сабраўшы неабходны матэрыял, выправіла хібы ў генеалагічным дрэве свайго роду, значна яго дапоўніла і падмацавала дакументальнымі звесткамі. Спадзяюся, што мае нашчадкі прадоўжаць гэтую справу. Кожнае новае пакаленне адзначыцца на дрэве маладою галінкаю, але яго карані – аснову складаюць далёкія прапрадзеды, і чым глыбей памяць аб іх, тым магутней у дрэва карані, і тым мацней яго новыя пабегі.

А яшчэ ў душы бясконцая радасць ад усведамлення адзінства мінулага і сапраўднага, ад ведання сваіх каранёў. Я не магу пахваліцца шматлікімі знакамітымі гістарычнымі асобамі ў сваёй радаслоўнай, але мой абавязак – ведаць і паважаць сваіх продкаў за тое, што яны былі добрымі, годнымі, таленавітымі і паважанымі людзьмі. Збіранне і захоўванне памяці аб сваёй сям’і, родным краі  дае магчымасць адчуваць сябе ў гісторыі, разумець сваё значэнне ў жыцці, з упэўненасцю глядзець у заўтрашні дзень, на правільнай аснове фарміраваць свае духоўныя каштоўнасці.

Хочацца таксама адзначыць, што часта людзі нават не дапускаюць думкі, што ў мінулым, у сваіх продкаў можна знайсці нешта вартае для сябе, для свайго светапогляду. Асабліва гэта тычыцца моладзі, маіх аднагодак. Мы звяртаемся да новых ідэалагічных плыняў, да іншаземных рэлігій, да заморскіх каштоўнясцяў, у найгоршым выпадку самыя пасіўныя з нас становяцца прадуктамі масавай культуры. Я ж уласна пераканана, што ўсё самае каштоўнае, неабходнае ў нашым жыцці побач з намі, за ім далека хадзіць не трэба, варта толькі зазірнуць назад. Там можна знайсці адказы на большасць пытанняў, якія рана ці позна турбуюць кожнага чалавека: у чым сэнс жыцця? як пражыць сваё жыццё годна, каб потым не пашкадаваць ні аб чым, каб “не прытаміцца”? як будаваць здаровыя стасункі са сваімі бацькамі? што такое гонар, сумленне  і як імі правільна карыстацца? Бывае, хапае адной душэўнай размовы са сваёй прабабуляй, каб у галаве праяснілася. Навошта траціць палову жыцця на пошукі, калі можна пераняць адпаведны досвед у сваіх продкаў? Канешне, ёсць рэчы, якія чалавек спасцігае толькі і выключна сам, але многія важныя каштоўнасці не мяняюцца з веку ў век, іх проста трэба умець прыняць. У гэтым і заключаецца пераемнасць пакаленняў, якая зараз, на жаль, па розных прычынах часта перарываецца. Складанне свайго радаводу – вельмі дзейсны спосаб яе ўзнавіць, зберагчы гістарычную памяць.

Что тычыцца эмоцый, то у працэсе працы над гэтым тэкстам у мяне ўзнікла пачуццё, што я яшчэ шчыльней звязана са сваімі дзядамі і прадзедамі, чым раней, бліжэй да сваіх гістарычных каранёў. Калісьці ў “Пунцовай літары” Натаніэля Готарна я, як мне здалося, знайшла гэтаму тлумачэнне. Аўтар апісваў маленькі гарадок Салем, у якім ён нарадзіўся, і сваю адданасць гэтаму месцу: “Там жылі і паміралі яго [прапрапрадзеда] нашчадкі, змешваючы свой прах з зямлёю, таму немалая яго частка стала роднаснай той тленнай абалонцы, у якой мне наканавана яшчэ пэўны час хадзіць па салемскім вуліцам. Такім чынам, прыхільнасць, якую я адчуваю, часткова з’яўляецца падсвядомай сімпатыяй праха да праху”. Магчыма, у маёй душы даўно тварылася нешта падобнае, я адчувала СВАЕ КАРАНІ.  

 А што для мяне пакінулі мае продкі? Галоўнае – памяць аб сабе, а яшчэ любоў да творчасці, музыкі, прыроды, цягу да ведаў, павагу да людзей, стойкасць і мэтанакіраванасць. На тым і я стаяць буду. Памяць аб маіх продках, іх дасягненнях – мой шлях у будучыню.