Музею Любчанскага краю - 50

Музею Любчанскага краю - 50

2014 год – юбілейны для Народнага гісторыка-краязнаўчага музея Любчанскага краю. Ужо 50 год музей праводзіць асветніцкую, адукацыйную работу, знаёміць вучняў Любчанскай сярэдняй школы, а таксама ўсіх яго наведвальнікаў з багатай гісторыяй мястэчка Любча – аднаго з самых маляўнічых мясцін Беларусі. 50 год – дата яркая, значная, насычаная.

Кожны наведвальнік музея мае магчымасць дакрануцца да мінулага Любчанскай зямлі, пазнаёміцца з экспанатамі экалагічнага аддзела, аддзела старажытнасці і сярэдніх вякоў, народнага быту, Вялікай Айчыннай вайны, сельскай гаспадаркі, гісторыі школы, жывапісу і скульптуры. Гэта магчыма дзякуючы таму, што ў розныя часы над стварэннем і зберажэннем музея працавалі неабыякавыя да сваёй Радзімы людзі.

 Музей быў заснаваны настаўнікам гісторыі, выдатным краязнаўцам Мікалаем Андрэевічам Вінарам у 1964 г. па ініцыятыве настаўнікаў і вучняў ЛСШ у гонар 20-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.  Мікалай Андрээвіч з мэтай стварэння музейнай экспазіцыі наладзіў кантакты з рэгіянальнымі арганізацыямі, архівамі Гродна і Мінска, Літоўскай Акадэміяй навук, дзяржаўнымі музеямі ў Варшаве, Кракаве, Беластоку, шматлікімі краязнаўчымі музеямі Беларусі і Украіны.  На той час па колькасці экспанатаў  музей быў , бадай,   самы буйны на Гродзеншчыне сярод школьных музеяў. Першая экспазіцыя  першапачаткова  размяшчалася ў двух пакоях у Брамнай вежы Любчанскага палацава-паркавага комплекса. Музей складаўся з двух аддзелаў: “Далёкае мінулае” і “Аб Вялікай айчыннай вайне” . Самымі каштоўнымі экспанатамі першага з іх сталі археалагічныя знаходкі старажытнасці, рэдкія каштоўныя манеты, бронзавы флюгер – ветранік з выявай герба Любчы, які калісьці знаходзіўся на адной з вежаў замка, метрычная кніга Наваградскага касцёла. Аддзел “Аб Вялікай Айчыннай вайне” змяшчаў звесткі аб барацьбе, якую вялі партызаны   брыгады імя Дзяржынскага і Першай Беларускай кавалерыйскай брыгады пад кіраўніцтвам Дз. А. Дзенісенкі  ў ваколіцах Любчы, рэвалюцыях 1905 і 1917 гг., барацьбе працоўных за сваё вызваленне ў часы польскай акупацыі і г.д. Шмат увагі адводзіліся славутай Любчанскай друкарні 17 ст.

 Работу па захаванню і папаўненню фондаў музея  працягваў настаўнік гісторыі Мікалай Навумавіч Разумовіч, дзякуючы якому ўсе экспанаты музея ў 1975 г. былі перанесены ў новы будынак школы па вул. 1-ага Мая.

Цяжка ацаніць агромісты ўнёсак у развіццё музейнай справы на Любчанскай зямлі былога дырэктара школы, настаўніка гісторыі М.М. Карповіча. Дзякуючы яго вялікім намаганням  і педагагічнаму калектыву школы для музейнай экспазіцыі было прадастаўлена адпаведнае памяшканне з сямі залаў плошчай 450 м.кв. Апантаны сваёй справай,  Міхаіл Міхайлавіч заўсёды падтрымліваў стасункі з выпускнікамі, неабыякавымі да свайго роднага пасёлка і школы, наладжваў сувязі з грамадскімі арганізацыямі, музейнымі ўстановамі, прадпрыемствамі Беларусі, праводзіў актыўную пошукава-даследчую працу.  Дзякуючы гэтаму музейны фонд папоўніўся шматлікімі экспанатамі літаратурнай, мастацкай, гістарычнай вартасці. У 1998 г. музею было прысвоена ганаровае званне “народны”.

Музей штогод прымае каля тысячы наведвальнікаў. Акрамя вучняў Любчанскай школы і жыхароў Любчы музей наведваюць школьнікі з  усёй Навагрудчыны, а таксама жыхары з іншых гарадоў Беларусі. Сярод наведвальнікаў музея ёсць  і замежныя турысты. Іх увазе прадастаўлена больш паўтары тысячы музейных прадметаў. За апошні час у выніку этнаграфічных экпедыцый і пошукава-даследчай рабоце музей набыў шмат цікавых экспанатаў. Вялікую ўдзячнасць за найбольш значнае папаўненне музейнай экспазіцыі хочацца выказаць А.П. Новік, Н.І. Ярмац, В. М. Вінару, А.Дз. Магер, Т.В. Талака, Э.І. Кавалёвай, А.М. Каўцэвічу, сем’ям Рабкоўскіх і Казаковых, Т. М. Агейка, С.І. Ляўшы, К.Р. Аляшкевіч, А.М. Рабкоўскай, В. П. Буйвал, Булаўка Дз. М. ( в. Купіск), Кузьме У.Ц. (в. Ачукевічы), Шнігір М.А. (в. Вераскава), ветэранам ВАВ А.П. Аляшкевічу і А.Ф. Хількевічу, а таксама валанцёрам з  Мінску і Літвы.  Вялікі падарунак музею зрабіў мастак з в. Купіск В.М. Залацілін, прадаставіўшы карціны са сваёй “залатой” калекцыі  для афармлення зменнай выставы “Фарбы Прынямоння”. Музей актыўна супрацоўнічае з Любчанскай бібліятэкай, Гарадскім Домам культуры, Любчанскім лясніцтвам.

На базе музея праводзяцца раённыя і абласныя канферэнцыі, злёты, працуе патрыятычны клуб “Спадчына”, валанцёрскія атрады, наладжана выдавецкая, навукова – даследчая і пошукавая  дзейнасць, праводзяцца азнакамляльныя, тэматычныя экскурсіі. Музей задзейнічаны ў рэалізацыі  раённых турыстычных праектаў.У 2013 г. у сучасным стылі быў аформлены аддзел Вялікай Айчыннай вайны.

У гонар 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў членамі патрыятычнага клуба “ Спадчына” быў створаны банк дадзеных аб удзельніках – ветэранах Вялікай Айчыннай вайны, якія прысвяцілі сваё жыццё педагагічнай дзейнасці ў Любчанскай школе. Гэта ветэран  Вялікай Айчыннай вайны, партызан атрада імя Катоўскага брыгады імя                 Дзяржынскага, настаўнік гісторыі Любчанскай  Пранкевіч Мікалай Міхайлавіч;   ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ветэран працы, настаўнік матэматыкі Аляшкевіч Аляксандр Паўлавіч; ветэран Вялікай Айчыннай вайны, старэйшы лейтэнант запаса, настаўнік нямецкай мовы Любчанскай СШ Якімовіч Мікалай Тарасавіч; радавы партызанскага атрада № 25 брыгады № 277 Магілеўскай вобласці, настаўнік матэматыкі Любчанскай СШ Паддубскі Нікіфар Васільевіч; ветэран Вялікай Айчыннай вайны удзельнік Фінскай вайны, камандзір аддзялення, настаўнік матэматыкі Любчанскай РСШ Красоўскі Іван Трафімавіч;ветэран Вялікай Айчыннай вайны, удзельніца абароны Масквы, настаўніца рускай мовы і літаратуры Шайбак Валянціна Федараўна; удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, камандзір узвода Паўдневага, Закаўказскага, 3 і 4 – ага Украінскага, I-ага Беларускага франтоў, начальнік батальёна I-ай Гвардзейскай чыгуначнай брыгады імя Кутузава, загадчык Любчанскага РАНА, старшыня Любчанскага райвыканкама, дырэктар Любчанскай СШ, настаўнік фізікі Бязручанка Іван Сцяпанавіч і інш. Працягваецца работа па стварэнню банка дадзеных аб настаўніках, дырэктарах Любчанскай СШ.

 

Што такое музей? Перш за ўсё, гэта востраў духоўнасці, куток народнай памяці, а пакуль жыве памяць народная – жыве народ. Таму ў наш складаны і супярэчлівы час так важна зберагчы ў душы штосьці жывое, не згубіць повязь часоў, не забыць свае карані. Бо як пісаў беларускі паэт і пісьменнік Якуб Колас “ Толькі на ўласных каранёх дае дрэва багаты плод…” Народны гісторыка-краязнаўчы музей Любчанскага краю сардэчна запрашае…

                                                                                     Кіраўнік музея Т.А. Борыс

 

Пра музей словамі наведвальнікаў з Кнігі Гонару (вытрымкі):

“ Цудоўны музей Любчанскага краю. Тут і багатая прырода краю , і рэвалюцыйныя, баявыя, працоўныя подзвігі людзей Прынямоння. І што робіць вельмі моцнае ўраджанне на наведвальнікаў – гэта гісторыя славутай Любчанскай школы, выпускнікі якой сталі выдатнымі дочкамі і сынамі сваёй Айчыны…”

 Доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры гуманітарных дысцыплін БДУ інфарматыкі і радыёэлектронікі Новік Я.К.

 

“Дзякуй за клопат і любоў да роднай зямлі”

                                                               Яна з Гродна

““ Трэба дома бываць часцей…”, - гэтыя словы ўсплываюць у памяці, калі наведваеш родныя мясціны, родную школу, музей.Карысна ўспомніць даўнія часіны, тых людзей . якія ўнеслі ўклад у наша станаўленне. Прыемна бачыць, што і нашы (хоць і невялікія) поспехі сталі часткаю гісторыі школы”

                                                                                                      Выпускнікі 1988 г.

 

“ Такая подвижническая работа по созданию и сохранению музея достойна большого уважения. Очень благодарны Вам за память о тех солдатах и людях, отдавших жизнь за Родинув ВОВ. Успехов Вам в ваших благих делах, большое спасибо и низкий поклон”

                                                                                  Зыранаў В.А. г. Пермь

 

“ С большой любовью сохраняются экспонаты музея. Школьники  и все желающие могут познакомиться с историей Любчанского края от первобытных времен до нашего времени. Население поселка Любча бережно сохраняет память о великих событиях своей истории. Потрясён, восхищен, желаю дальнейших успехов.

                    Кандидат технических наук, преподаватель    БНТУ В.К. Терехов

 

“Дзякуй за магчымасць дакрануцца да родных каранёў, адчуць зябе часцінкай нашай цудоўнай, прыгожай зямлі»

                                                                                           Студэнты гістфака БДУ