Тэкст экскурсіі “Генацыд на Любчанскай зямлі часоў Вялікай Айчыннай вайны”

Дзяржаўная ўстанова адукацыі

«Любчанская сярэдняя школа імя Л.П. Сечка»

 

 

Тэкст экскурсіі

“Генацыд на Любчанскай зямлі

часоў Вялікай Айчыннай вайны”

 

Больш за 60 гадоў прайшло з дня заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Але і да гэтага часу пякучым болем адзываецца найцяжэйшая з войнаў у сэрцы кожнага чалавека.

Страшны лёс быў наканаваны беларускаму народу. Ажыццяўленне нацыстамі палітыкі генацыду беларускага народа пачалося з першых дзён вайны. Расстрэлы і масавыя экзекуцыі набылі велізарныя памеры.

Расстрэльваючы, здзекуючыся, спальваючы зажыва, адпраўляючы на смерць у канцлагеры нашых суайчыннікаў, гітлераўцы хацелі запалохаць беларусаў, знішчыць большую частку насельніцтва рэспублікі, а астатніх ператварыць у рабоў. Толькі з лістапада 1942 па сакавік 1943 г. на тэрыторыі Беларусі было праведзена 11 карных экспедыцый супраць насельніцтва і партызан Беларусі.

У першы дзень акупацыі Любчы войскамі Вермахта ў чэрвені 1941 г.  падчас пагромаў загінула 12 чалавек.  Немцы бамбілі мост праз рэчку Нёман. Згарэла чыгуначная станцыя, лесапільны завод, шмат грамадскіх і жылых будынкаў. У жніўні 1941 года нямецка - фашысцкія акупанты стварылі ў Любчы гета на тэрыторыі былой яўрэйскай сінагогі – цяперашняга Любчанскага Гарадского Дома культуры.  Вясной 1942 г. гітлераўцы вывезлі за пасёлак 375 чалавек і расстралялі каля загадзя выкапаных ям. Некаторая частка яўрэйскага насельніцтва Любчы была вывезена ў гета на Перасеку недалёка ад Навагрудка.

У гады Халакоста з 1941 – 1944 гг. нацыстамі і іх прыспешнікамі была знішчана каля 1600 чалавек з яўрэйскай абшчыны г.п. Любча: мужчын, жанчын, дзяцей.

Запісана са слоў старэйшай жыхаркі вёскі Вераскава Навагрудскага раёна

Каўцэвіч (у дзявоцтве Валюкевіч)  Анастасіі Аляксандраўны, 1928 г.н.,

членамі патрыятычнага клуба “Спадчына”:

 

 «…У Любчы тады многа яўрэяў было, амаль усе. Як вайна пачалася зналі, што заб’юць. А багатыя былі, золата было. Хавалі, закопвалі, каб немцы не забралі. Тады ім сказалі паліцаі пабраць з сабою ўсё золата, драгацэннасці і пагналі іх па вуліцы Леніна ў бок Даляціцкіх могілак. Мусі панялі яны усё, там, дзе масток праз канаўку ідзе ў пачатку вуліцы, палажылі свае вузялкі з золатам тым. Паліцаі сабе ўсё пазабіралі. За могілкамі пастралялі іх многа. Там выкапаная яміна была. Кідалі яшчэ жывых. Крычалі надта, прасіліся не забіваць. У Любчы чуваць было як крычалі.  Дзяток многа пабілі.  Паліцаі зямелькай засыпалі. А жывыя падалі, параненыя…стогнуць, зямля варушыцца. Тры дні варушылася. А немцы нікога не пускалі туды, абкружылі, тры  ці чатыры дні старажылі, каб не падыйшоў ніхто. Каровы пасвіліся на лузе каля Нёмна, то гэдак раўлі, як ніколі, ляцелі.  Гэта вясною было. Во… Мне тады гадоў 14 было. Ужо дзяўчына. І гэта… У той дзень я, бацька мой Аляксандр і маці мая Вера ехалі ў Любчу з Вераскава на возе. Бачылі немцаў там ля могілак. Хадзілі са стрэльбамі. Дзеці з Любчы бегалі туды, немцы не чапалі, гаварылі стогнуць з-пад зямлі, зямля варушыцца. Усіх пабілі, усіх…. Дзяток пабілі… ”.

 У 1942 г. у Любчы было расстраляна 30 партыйных і савецкіх работнікаў Любчанскага раёна.

 Але крывавы тэрор не зламаў волю жыхароў Любчанскага краю. Насельніцтва пасёлка ўзнялося на барацьбу. Быў наладжаны партызанскі рух,  арганізавана Любчанскае камсамольскае падполле.

 У Налібокскай пушчы з 1942 г. дзейнічаў партызанскі яўрэйскі атрад імя Калініна пад камандаваннем Тувія Давыдавіча Бельскага. Атрад налічваў каля 1230 узброеных байцоў і стаў цэнтрам прыцягнення для вязняў гета Навагрудка, Ліды, Сталбцоў, Міра.

 Мы не павінны забываць пра жахі вайны, смерць і пакуты мільёнаў людзей.

Помніць аб вайне, гераізме і мужнасці тых, хто змагаўся з ворагам і выратаваў ад фашысцкага нашэсця Радзіму, — гэта значыць змагацца за мір.

Гэта абавязак усіх, хто жыве на зямлі.