Сцэнарый інтэрактыўнай экскурсіі “Часоў звязуючая нітка” У Народным гісторыка-краязнаўчым музеі Любчанскага краю

 

Сцэнарый інтэрактыўнай экскурсіі “Часоў звязуючая нітка”

У Народным гісторыка-краязнаўчым музеі Любчанскага краю

 

Аддзел “Прырода”

Дзеючыя персанажы:

Грыбнік (ён жа вядучы па ўсіх аддзелах музея),

Дзяўчынка,

Хлопчык

 

Грыбнік: Ух, стаміўся я крыху. Прысяду, адпачну. Бачу і вы на месцы грыбныя натрапілі, вунь колькі грыбоў набралі (звяртаецца да гасцей)

(з карзінамі ў руках выходзяць дзеці)

Дзяўчынка: Добры дзень, дзядзька Рыгор. Пакуль вы сядзець будзеце, мы ўсе грыбы ды ягады пазбіраем

Грыбнік: Абы на здароўе, мае дзеткі. Адпачніце і вы са мною. Сонца на небасхіле высока. Паспееце яшчэ поўныя кашы набраць. І вы мае, паважаныя, сядайце. Бачу, што гарадскія. Мабыць у нашым лесе ўпершыню. Галоўнае, каб не заблукалі, звяроў якіх не спужаліся. Можна ў Налібоцкай пушчы сустрэць і ваўка, і дзікага кабана, і касулю, і мядзведзя, і лася. Так што трымайцеся мяне і нікога не бойцеся. Я у нашым лесе ведаю кожную сцяжыначку, кожны кусцік

Хлопчык: Дзядзька Рыгор, як птушкі прыгожа спяваюць, заслухацца можна. Во, чуеце? (запіс спеву птушак). А што гэта за птушка спявае?

Грыбнік: Я то ведаю, а вось ці ведаюць нашыя госці?

(З экскурсантамі праводзіцца аудыёгульня “Пазнай птушку”)

Грыбнік: Малайцы, справіліся. Ужо і дадому час ісці. Вось як пяройдзем праз рэчку Нёман, убачыце, які  ў нашым мястэчку размешчаны велічны замак,там  зараз жывуць мясцовыя памешчыкі Фальц-Фэйны - Набокавы.  Зойдзем да іх у госці. Гаспадыня Лідзія Фальц-Фэйн прыветлівая жанчына, абавязкова запросіць нас у госці  Хадзем за мною

 

(запрашае гасцей прайсці ў наступную залу музея)

 

Аддзел “Старажытнасць і Новы час”

Дзеючыя персанажы:

Апошняя любчанская памешчыца Лідзія фон Пэйкер

Мікалай Набокаў – сын Лідзіі фон Пэйкер

 

Лідзія Фальц-Фэйн: Мікола, Мікола, сыночак! Ну дзе ж ты падзеўся?  Мабыць ізноў збег на рэчку, гарэза. Трэба ісці шукаць. Дзень добры, госцейкі дарагія. Заўседы рада вас бачыць у маім маёнтку. У прыгожым белакаменным палацы, які я збудавала, заўседы паўнютка гасцей, заўседы гучыць музыка. І мой 8-гадовы сын Мікалай Набокаў, апантаны музыкай, вучыцца іграць на фартэпіяна. Я думаю, што ў будучым ен стане таленавітым кампазітарам і будзе сам пісаць музыку. Дарэчы, вы яго не бачылі?

(З’яўляецца Мікола)

 Мікола: Вось і я, матуля.

Лідзія фон Пэйкер: Чаму ж ты такі непаслухмяны. Колькі разоў табе гаварыла аднаму не адыходзіцца ад палаца!

Мікола: Не хвалюйся. Ты ж ведаеш, як я люблю на беразе Нёмана паслухаць музыку ракі і музыку лугавых кветак .

Лідзія фон Пэйкер: Ведаю, канешне, сынок. Толькі аднаму адыходзіцца далёка не трэба.

Мікола: Добра, мама, прабач  мяне. А каб ты не сердавала, я раскажу нашым гасцям гісторыю нашага Любчанскага замка

(расказ аб гісторыі Любчанскага замка)

 Грыбнік: Дзякуй, Мікола. Вельмі цікавы расказ. Але нашыя госці крыху стаміліся і прагаладаліся. Пагэтаму мы зараз пойдзем далей і завітаем у госці да хлебасольнай цёткі Адэлі. Яна жыве недалека ад замка, гаспадыня што трэба. І прывітае, і пачастуе, і з пустымі рукамі ніколі з хаты не адпусціць

(запрашае ў наступную залу)

 

Аддзел “Народны быт”

Дзеючыя асобы: Грыбнік

Цётка Адэля

 

Грыбнік: Добры дзень, суседачка. Нешта учора з ранку цябе ў агародзе нябачна было.

Адэля: Заходзьце, заходзьце, даражэнькія. Вы якраз у самы час прыйшлі. Я гасцей чакаю, сватоў. Дачку маю старэйшую сватаюць. Добры хлопец, з нашага сяла. У памешчыцы нашай лесніком служыць.

Грыбнік: Я гляжу парадак у хаце навяла.

Адэля: Так, рушнікі рублем адпрасавала, фартухі адбяліла, усе па месцах расставіла: калаўроткі, ночвы, маслабойкі, ступы, і гаспадара майго прынады на сваіх месцах: і восці, і цэп.

Грыбнік: А прыданае?

Адэля: Поўны куфэрак рознага дабра: і сурвэткі, і посцілкі, і дыванкі, і рушнікі. Ткалі з дачкою на ткацкім станку, не пакладаючы рук. Стараліся.

Грыбнік: А чым жа ты гасцей частаваць будзеш?

Адэля: Вось, чым багаты, тым і рады. Бульбачка ў печы, каравай расчыніла, кабанчыка забілі. Есць і каўбаска, і вяндлінка. Што вам, даражэнькія госці, спадабаецца, тым і сватоў частаваць буду.

Калі ласка, каштуйце!

(праводзіцца дэгустацыя страў беларускай нацыянальнай кухні)

Грыбнік: Ну, гаспадынька, усе смачна, усе стаў на стол. І няхай маладых чакае шчасце і дабрабыт. А мы пойдзем далей

(запрашае ў наступную залу)

 

Аддзел літаратурна-рэвалюцыйны

 

Дзеючыя асобы:

Петр Бластус Кміта – заснавальнік Любчанскай друкарні

Ян Даніэль і Ян Ланге – сыны Бластуса Кміты

 

Друкар Бластус Кміта: Дзень добры, сыны мае. Бачу, што цікавяцца людзі нашай Любчанскай друкарняй, адной з самых буйных друкарняў XVII ст. Вялікага Княства Літоўскага

Ян Даниэль: Так, настаўнік, нездарма мы твае вучні Ян Даніэль  і Ян Ланге з гонарам працягваем друкарскую справу на карысці свайму народу.

Ян Ланге: Гонар і хвала табе, Бластус Кміта. Ты заснаваў на Любчанскай зямлі друкарню, разам з намі працуюць разумнейшыя людзі часу: Сымон Будны, Саламон Рысінскі, Даніэль Набароўскі, Самуіл Доўгірд.

Друкар Бластус Кміта: Рады , рады вас вітаць. З верстакоў Любчанскай друкарні выйшла ў свет больш за 50 выданняў на польскай і лацінскай мовах па гісторыі, філасофіі, медыцыне. Вось толькі не хапае збонікаў вершаў. Дазвольце прапанаваць вам паспытаць сябе ў пісьменніцкай дзейнасці і папоўніць нашыя выданні цудоўным вершам.

(Экскурсантам прапануецца калектыўнае заданне – з прапанаваных слоў скласці верш пад назваю “ Радзіма”)

(запрашае ў наступную залу)

 

Аддзел “Вялікая Айчынная вайна”

Дзеючыя персанажы:

Партызанка 1

Партызанка2

Партызанка 3

Партызанка 1: Ох, і стаміліся мы сёння, дзяўчаты. Калі ўжо вайна гэта праклятая закончыцца…? Як там нашыя родныя, блізкія? Напэўна чакаюць нашых лістоў з нецярпеннем.

Партызанка 2: Будзем пісаць усё як ёсць: што у першыя дні вайны немцы разбамбілі мост праз раку Нёман, што палова хат спалена, што яўрэяў сагналі ў гета , расстрэльваюць і дзяцей, і жанчын, і старых.

Партызанка 3: А пра партызан?

Партызанка 1: Пішы, што шмат партызанскіх атрадаў у нашым лесе. Міцька Дзенісенка камандуе коннаю брыгадаю. Малайцы хлопцы! Грамяць немцаў, такі страх наводзяць на гэтую фашысцкую гадзіну. А ў весцы Купіск нядаўна хлапчук малады, партызан Міхаська Белуш загінуў, закрыў сабою нямецкі дзот, каб партызаны да немцаў прарваліся. І чарашлянка Людміла Сечка ў баі пад Лугамавічамі галаву злажыла. Ох, шкада такія людзі маладыя гінуць…

Партызанка 2: Адпомсцяць нашыя салдаты за кожную кролю крыві! Не сумнявайцеся. Так хочацца, каб нашыя лісты да родных дайшлі. Толькі як іх скласці правільна?

Партызанка 1: Можа госці нашыя ўмеюць? (звяртаецца да экскурсантаў). А калі не, то я вас навучу.

Праводзіцца майстар-класс “Складзі франтавую паштоўку”

(Экскурсанты запрашаюцца ў наступную залу)

 

Аддзел “Сельская гаспадарка”

Дзеючыя персанажы:

Старшыня калгаса імя Лысенкі

 

Грыбнік: Добры дзень, Уладзімір Пятровіч. Ты ўсе працуеш, не пакладаючы рук. Тут вось студэнтаў з гораду прыслалі ў дапамогу калгасам нашага раёна Любчанскага ( у якасці студэнтаў выступаюць эккурсанты)

Старшыня: О. гэта вельмі добра. Рукі рабочыя нам ніколі не пашкодзяць. Усе пасля вайны гэтай праклятай разбурана, ой як дапамога патрэбная. І так, зараз паглядзім. Паедзеце ўсе на пераборку бульбы. Ох і бульбачка ў гэтым годзе ўрадзіла, як ніколі. І так, пойдзем па спіску:

калгас імя Варашылава ў веску Балотцы, што каля Шчорсаў; у калгас “Чырвоная зорка”,  што ў Галковічах Вераскоўскага сельсавета, калгас імя Лысенкі ў веску Ачукевічы, вёска Дзяляцічы ў калгас “Сцяг Саветаў”, у веску Купіск у калгас “Чырвоны Кастрычнік”

( экскурсанты дзеляцца на 5 калгасных брыгад і цягнуць жрэбій, выбіраючы калгас)

Старшыня: Ну а зараз паглядзім, якія з вас работнікі атрымаюцца. Пераборка бульбы – справа нялегкая, пагэтаму пакуль вось вам гарох і фасоля. Хто хутчэй перабярэ, той і ў перадавіках хадзіць будзе.

(Праводзіцца спаборніцтва паміж калгаснымі брыгадамі па пераборцы фасолі і гароха – конкурс “Калгасныя Папялушкі”. Пераможцу ўручаецца вымпел Узорны калектыў камуністычнай працы)

Старшыня: Малайцы, папрацавалі на славу. Пашанцавала нашым калгасам. З пераборкаю бульбы цяжкасцяў не будзе. Ну а зараз перадавікоў калгаснай працы чакаюць на сустрэчу піянеры Любчанскай сярэдняй школы. Запрашаем вас на піянерскі сход.

(экскурсанты праходзяць у наступную залу)

 

Аддзел “Гісторыя школы”

Дзеючыя персанажы:

Старэйшая піянерка,

Піянер 1

Піянер 2

піянер 3

Піянер 4

 

Старэйшая піянерка: Піянер, служыць на карысць Радзіме будзь гатовы!

Піянеры: Заўжды гатовы!

Старэйшая піянерка: Сення да нас на піянерскі сход завітаў Узорны калектыў камуністычнай працы Любчанскага раёна. На павестцы дня першым пунктам “Расказ аб гісторыі нашай школы”

1 піянер: Гісторыя адукацыі ў нашым Любчанскім краі пачалася з XVI ст, калі ў Любчы існавала царкоўна-прыхадская школа.

2 піянер: У XVII ст. дзейнічала яўрэйская пачатковая школа – Хедэр.

3 піянер: У XIX ст. існавала Любчанскае народнае вучылішча.

4 піянер: Напачатку XX ст. у Любчы працавалі руская, беларуская школы, вячэрняя школа рабочай моладзі.

1 піянер: Пасля вайны школа размяшчалася на Любчанскім замчышчы. Там была адчынена першая музейная экспазіцыя, дзякуючы настаўніку гісторыі Вінару Мікалаю Андрэевічу.

2 піянер: Новая трохпавярховая школа была пабудавана ў 1975 годзе. Школьны музей набыў прасторнае памяшканне, дзякуючы дырэктару Карповічу Міхаілу Міхайлавічу.

Старэйшая піянерка: На павестцы дня другім пункам “ Нашыя піянерскія справы”

1 піянер: Наша галоўная справа-добра вучыцца і любіць сваю Радзіму.

2 піянер: Захоўваць гісторыю нашай навучальнай ўстановы і малой Радзімы.

3 піянер: Збіраць і захоўваць інфармацыю аб вядомых выпускніках школы.

Старэйшая піянерка: Трэцім пункта на павестцы дня “Выкананне гімна пасёлка Любча”

( Экскурсантам раздаецца тэкст гімна пасёлка Любча. Праводзіцца песенны флэшмоб “Спяем гімн разам”

Старэйшая піянерка: Піянер, служыць на карысць Радзіме будзь гатовы!

Піянеры: Заўжды гатовы!

Аддзел “Жывапіс і скульптура”

Дзеючыя персанажы:

Мастак

Удзельнік арт-плэнера 1

Удзельнік арт-пленэра 2

 

Мастак: Ну што, мае юныя мастакі. Сення наш занятак праходзіць на беразе ракі Нёман. Паглядзіце якая наўкол прыгажосць: блакітнае неба, прыгажосць ракі, па-казачнаму незвычайны лес. Гэту прыгажосць трэба зберагчы для нашчадкаў. На сваіх палотнах пастарайцеся перадаць усю маляўнічасць прынёманскага краю.

Удзельнік арт-пленэра 1: Мая бабуля мне калісьці распавядала, што ў Любчы жылі і працавалі таленавітыя мастакі, улюблёныя ў свой родны край, Анатоль Скрабец, Петр Каўцэвіч.

Удзельнік арт-пленэра 2:  У Любчы  у пачатку XX нарадзіўся народны мастак Беларусі  Мікалай Дучыц , а ў в. Дзяляцічы – народны скульптар Беларусі Віктар Грос.

Удзельнік арт-пленэра 1:  У наш час у Любчы ствараюць свае палотны мастакі Мікалай Пронька і Віктар Залацілін.

Мастак: Так. Гэтыя таленавітыя людзі сваёй творчасцю праславілі наш край, натхняючы на творчасць іншых. І так, за працу. Я ўпэўнены, што вы станеце дастойнай зменай сваіх папярэднікаў.

(Экскурсантам прапануецца ва ўмовах імправізаванай арт-студыі стварыць на мальберце палатно “Прырода Прынёманскага краю”)