Турысцка-краязнаўчая дзейнасць

 «Актывізацыя грамадзянска-патрыятычнага выхавання праз турысцка-краязнаўчую дзейнасць»

                                              Кіраўнік Народнага гісторыка-краязнаўчага музея

                                          Любчанскага краю

         Борыс Таццяна Аляксандраўна

 

     Адным са сродкаў грамадзянска-патрыятычнага і маральнага выхавання вучняў з’яўляецца турысцка-краязнаўчая дзейнасць. Падчас краязнаўчай работы ў дзяцей фарміруецца інтарэс да вывучэння гісторыі краіны, роднага горада, вёскі. Любоў да Радзімы пачынаецца з канкрэтных ведаў пра вуліцу, раён, горад, вёску, дзе мы жывём.  

  У нашай установе адукацыі пры Народным гісторыка-краязнаўчым музеі Любчанскага краю дзейнічае клуб “Патрыёт”. У гуртку займаецца 10 вучняў. У пачатку кожнага навучальнага года выбіраецца стараста гуртка і яго намеснік. Гурткоўцы размяркоўваюцца па асноўных напрамках работы: гістарычнае краязнаўства, гісторыя роднага краю і баявой славы, этнаграфія. Гурткоўцы выконваюць абавязкі экскурсаводаў, краязнаўцаў-даследчыкаў, адказных за перапіску і членаў лектарскай групы.

     На працягу двух гадоў збіраецца матэрыял па гісторыі пасёлка Любча, пра яго помнікі гісторыі і культуры, вядомыя мясціны. Сабраны матэрыял быў аформлены ў выглядзе альбома. Адначасова збіраліся і старыя рэчы. Вучні прыносілі прадметы побыту (гаршчкі, збаны, міскі, прасы, лямпы), прылады працы (верацёны, сярпы, калаўроты, рыдлёўкі) і адзенне любчанскіх жыхароў (сарочкі, андаракі, гарсэты, чапцы, курткі).

   Вялікі інтарэс уяўляюць шматлікія рэчавыя і пісьмовыя помнікі: фотаздымкі, дакументы, успаміны, дзённікі, узнагароды і інш. Усе матэрыялы ўважліва вывучаюцца, адбіраюцца і абагульняюцца. Вызначаецца гістарычная каштоўнасць і значнасць кожнага экспаната. Гурткоўцы рэстаўруюць і апрацоўваюць знаходкі, праводзяць экскурсіі.

   Задача гуртка – пашырыць магчымасці самастойнай работы з экспанатамі, дакументамі, большасць з якіх звязаны з пошукавай дзейнасцю. Займаючыся краязнаўствам, школьнікі адчуваюць грамадскую карысць пошукавай справы. Гэта павышае самаацэнку дзяцей, прымушае паверыць іх ва ўласныя сілы, фарміруе актыўную жыццёвую пазіцыю. Пошукавая дзейнасць гурткоўцаў уключае збор, апрацоўку, сістэматызацыю і захоўванне матэрыялаў, вядзенне перапіскі і прапаганду вынікаў пошуку. Для большай эфектыўнасці работы наладжваюцца кантакты з рознымі арганізацыямі і ўстановамі, сведкамі ваенных падзей, настаўнікамі гісторыі і бацькамі дзяцей. Юныя краязнаўцы неаднаразова звярталіся па дапамогу да насельніцтва.

   Важным сродкам актывізацыі пошукавай работы з’яўляецца напісанне творчых сачыненняў: «Мая сям'я ў гады вайны», «Мой радавод», «Героі Вялікай Айчыннай вайны Любчанскага краю».

   Краязнаўчая работа ў школе праводзіцца на ўроках, факультатыўных занятках і ў пазаўрочны час. Формы пазакласнай работы вельмі разнастайныя: тыдні гісторыі і краязнаўства, гістарычныя вечарыны, алімпіяды, канферэнцыі, паходы, экскурсіі, злёты, спаборніцтвы, акцыі, вахты памяці і інш.  

  Вучні рыхтуюць рэфераты на розныя тэмы: «Героі малой радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны», «Сёстры Хатыні» «Гарады-героі Савецкага Саюза», «Буйнейшыя бітвы Вялікай Айчыннай вайны: бітва за Маскву, Сталінград, Курская бітва, абарона Брэсцкай крэпасці». На аснове сабраных матэрыялаў папаўняецца «Летапіс Вялікай Айчыннай вайны». Вялікую работу краязнаўцы вядуць таксама па ахове гістарычных помнікаў. Так, вучні шэфствуюць над помнікамі загінуўшым землякам на тэрыторыі Любчанскага сельскага выканкама.      

   Гурткоўцы з’яўляюцца актыўнымі турыстамі і праваднікамі па мясцінах баявой славы Любчанскага краю. Неаднаразова актывісты клуба «Патрыёт» ажыццяўлялі велапаход па мясцінах партызанскага руху і генацыду (маршрут Любча - Войнава – Вераскава –Чарэшля - Дзяляцічы - Любча). Працягласць маршрута-30 км. У групу ўвайшлі 10 навучэнцаў 6 – 8 класаў. За час паходу адбыліся тры экскурсіі. Школьнікі наведалі 6 помнікаў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Помнікі былі ачышчаны ад смецця і прыведзены ў парадак.  

   У гуртку няма дзяцей, якія не любілі б спорт. Восенню школьнікі трэніруюцца па тэхніцы веласіпеднага турызму, а зімой катаюцца на лыжах. Гурткоўцы часта гуляюць у школьнай спартзале ў баскетбол і валейбол, а на стадыёне – у футбол. Кожны ўмее распальваць вогнішча і арыентавацца на мясцовасці, ведае і выконвае правілы тэхнікі бяспекі, можа аказаць першую медыцынскую дапамогу пацярпеламу, умее карыстацца неабходным турыстычным інвентаром і рахтаваць ежу ў паходных умовах. Тэарэтычныя веды вучняў неаднаразова пацвярджалі практычнымі справамі, дзе заўсёды праяўлялі сябе згуртаваным калектывам.  

     Гурткоўцы любяць экскурсіі. З задавальненнем наведваюць гісторыка-краязнаўчыя музеі Навагрудскага раёна, школьныя музеі ўстаноў адукацыі Навагрудскага раёна, Музей Вялікай Айчыннай вайны ў  горадзе-героі Мінску, Нясвіжскі і Мірскі замкі і г.д. Па матэрыялах экскурсій праводзяцца ўрокі мужнасці, заняткі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і іншых тэмах.

 Юныя гісторыкі-краязнаўцы актыўна ўдзельнічаюць у святкаванні розных юбілеяў і знамянальных дат, алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах. Дзеці выступаюць дастойна не толькі на ўзроўні раёна, але і вобласці. Хочацца адзначыць найбольш актыўных навучэнцаў – Каржанеўскую Алесю, Баравік Яну, Фокіна Мікіту.

   Удзел у паходах, экскурсіях, навукова-практычных канферэнцыях і алімпіядах па краязнаўстве дапамагае навучэнцам у выбары будучай прафесіі.  

   Патрыятызм нельга прывіць прымусова. Майстэрства педагога заключаецца ў тым, каб расказаць пра вернасць Айчыне, гуманізм і грамадзянскі гонар без павучанняў і рэкамендацый. Толькі ўласным прыкладам і павагай да людзей і роднай зямлі можна далучыць школьнікаў да агульначалавечых маральных каштоўнасцей.

Турысцка-краязнаўчая дзейнасць – гэта цудоўная школа выхавання грамадзянскасці і фарміравання асноў жыццёвага самавызначэння. Краязнаўства трэба разумець шырока: гэта і наша мінулае, і наша сённяшняе, якое фарміруе нашу будучыню. Выкарыстанне ў адукацыйным працэсе краязнаўчага матэрыялу дазваляе выхоўваць у дзяцей павагу да малой Радзімы, яе мінулага, культурных каштоўнасцей і землякоў, а таксама фарміраваць веды пра побыт, заняткі, гаспадарчае жыццё і абрады продкаў. Сувязь моладзі з матэрыяльнай і духоўнай спадчынай дапамагае ёй не толькі ацаніць мінулае і сённяшняе, але і пазнаць сябе ў жыцці, вызначыцца ў будучыні, вырасці сапраўднымі патрыётамі Радзімы.